ГЮ́НЦКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
старажытнаплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах (каля 800—900 тыс. гадоў назад), якое папярэднічала Міндэльскаму зледзяненню. Датуецца часам заканчэння фарміравання альпійскай складкавасці і паступовага стварэння рэльефу зямной паверхні, блізкага да сучаснага, канцом неагенавага, або пачаткам антрапагенавага перыяду. Звязана з пашырэннем плошчы зледзянення Альпаў. Вылучаюць некалькі стадый гюнцкага зледзянення. На тэр. СНД адпавядае перыяду адкладу гурыйскіх або апшэронскіх пластоў (каля 1,8—0,7 млн. г.). Некат. даследчыкі параўноўваюць гюнцкае зледзяненне з нараўскім зледзяненнем, што было на тэр. Беларусі і доўжылася прыкладна 40 тыс. г. (600—500 тыс. г. назад) ад канца брэсцкага перадледавікоўя да пач. белавежскага міжледавікоўя.
т. 5, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)